Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт разам з яго структурнымі падраздзяленнямі “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Яго дзейнасць, а таксама выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі ЕГУ забаронены на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Генпракуратуры.
Трэба адзначыць, што прызнанне ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” анансавалі на тэлеканале АНТ яшчэ ў студзені 2024 года. У верасні мінулага года Генпракуратура звярнулася ў Вярхоўны суд з адпаведнай заявай. Пры гэтым тады ў пракуратуры паведамілі, што заяву ў суд накіраваў генпракурор Андрэй Швед. Між тым, у снежні мінулага года ён быў прызначаны старшынёй Вярхоўнага суда.
Як заявіў начальнік упраўлення Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў, ЕГУ працуе ў Літве, “яго дзейнасць курыруецца і фінансуецца замежнымі дзяржавамі, у тым ліку Еўрапейскага саюза, а таксама няўрадавымі арганізацыямі і фондамі”.
Паводле слоў Брылёва, ЕГУ праводзіць працу па “дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і дэструктыўных замежных няўрадавых арганізацый, выкарыстоўваецца спецыяльнымі службамі некаторых суседніх дзяржаў для нанясення шкоды інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах”.
У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь “да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцей, «альтэрнатыўных» трактовак гістарычных, культурных і іншых падзей”. І дзеля гэтага ЕГУ ўзаемадзейнічае “з прадстаўнікамі розных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый”. Пры гэтым Брылёў не назваў ніводнай такой арганізацыі.
Ён дапоўніў карціну тым, што ЕГУ выкарыстоўвае “шматлікія інтэрнэт-рэсурсы, уключаючы сацыяльныя сеткі і мэсенджары, інфармацыйная прадукцыя якіх рашэннямі беларускіх судоў прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі” для прыцягнення новых прыхільнікаў і фінансавання.
“Паколькі дзейнасць універсітэта накіравана на здзяйсненне замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, а злачынныя дзеянні шэрагу яго выкладчыкаў і выпускнікоў пацверджаны матэрыяламі крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, закліках да мер абмежавальнага характару, а таксама аб здзяйсненні іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, судом дапушчана неадкладнае выкананне прынятага рашэння”, – заключыў начальнік упраўлення.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі ўлады на працягу апошніх некалькіх гадоў выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з апанентамі, а таксама іншадумствам у цэлым.
