Фото: t.me/tsikhanouskaya
Актыўнае абмеркаванне сустрэчы міністраў замежных спраў Польшчы і Беларусі Радаслава Сікорскага і Максіма Рыжанкова у СМІ ў кантэксце «нармалізацыі сітуацыі» можа негатыўна паўплываць на гатоўнасць еўрапейскіх краін прымаць беларусаў і прадастаўляць ім прытулак. Пра гэта старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў у эфіры «Белсата».
«Маўляў, калі сітуацыя нармалізавалася, то вяртайцеся ў Беларусь. А там людзей будуць саджаць. У Еўропе ж не будуць даваць прытулак. Такая рызыка ёсць. І таму яшчэ больш важна тлумачыць, што няма змяншэння рэпрэсій, што палітвязні працягваюць сядзець. Таму што ў заходні інфармацыйны парадак дня трапляюць толькі навіны, што вось памілавалі 15 чалавек.
Мы яшчэ нават не ведаем, каго рэальна там памілавалі, імёнаў няма ў нас. Але гэта навіна прайшла, і, напрыклад, міграцыйныя органы: «О, дык у вас ужо там усіх памілавалі». Таму рызыкі вялікія ёсць, і трэба яшчэ больш працаваць, яшчэ больш даносіць інфармацыю. З аднаго боку, добра, што ёсць нейкі шанец, і людзі выходзяць на свабоду, з другога боку, трэба тлумачыць, што прырода рэжыму не змянілася, патрэбныя сістэмныя змены», — адзначыў ён.
Пытанне сістэмных змен уздымае амерыканская дэлегацыя. Джон Коўл гаворыць пра неабходнасць спынення заганнай практыкі, калі адных выпускаюць, а іншых саджаюць. Відавочна, што Лукашэнку ад гэтага некамфортна, адзначае дарадца Ціханоўскай. У гэтай сітуацыі важна не спяшацца адмяняць санкцыі, лічыць Вячорка. Калі цяпер зняць усе абмежаванні, сітуацыя ў Беларусі замарозіцца — і будуць рэпрэсіі, і палітвязні.
Паводле слоў Вячоркі, прадстаўнікі дэмсіл размаўлялі з Сікорскім да яго сустрэчы з Рыжанковым і пасля. Польскі міністр паведаміў, што сустрэча адбылася на запыт Мінска — «яны вельмі хацелі гэтай сустрэчы, і міністр даў шанец».
«Я ведаю, што гэтая камунікацыя адбываецца пастаянна, таму няпраўду кажуць, што няма дыялогу. Але гэта такі крэдыт. Вы хочаце гаварыць? Ну вось. Хочаце фота таксама? Так, яны самі папрасілі фота і самі яго апублікавалі. Але ці гатовыя яны нешта рабіць? Таму што гэта ж не першая сустрэча. За гэты год было столькі гэтых сустрэч. <…>. А некаторыя кажуць, што пасля кожнай сустрэчы станавілася толькі горш. Таму паглядзім, што будзе рабіць Мінск. Бо трэба глядзець не на словы, а на справы», — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
Вячорка назваў цяперашні ўдзел беларускіх дэмакратычных сіл у Генеральнай Асамблеі ААН паспяховым. Паводле яго слоў, упершыню ў арганізаванай дэмсіламі сустрэчы ўдзельнічалі каля 12 міністраў і намеснікаў міністраў. У кулуарах абмяркоўваліся бяспека, вайна Расіі супраць Украіны і магчымае ўцягванне Беларусі ў вайну. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл заяўлялі, што беларусы выступаюць супраць вайны, падтрымліваюць Украіну і незалежнасць Беларусі.
Таксама абмяркоўвалася падтрымка беларусаў за мяжой, у тым ліку пытанні дакументаў і пашпартоў. Як адзначыў дарадца, цяпер у некаторых еўрапейскіх краінах дзейнічаюць уласныя рашэнні, аднак агульнага механізму на ўзроўні ЕС пакуль няма.
Акрамя таго, абмяркоўваліся прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў беларускага рэжыму і ўдзел еўрапейскіх краін у адпаведных міжнародных працэсах.
«Закладзены бюджэт на беларускае пытанне на наступны год, спадзяёмся, Славенія або Украіна далучацца», — паведаміў ён.
Вячорка таксама расказаў пра сустрэчы, якія Ціханоўская правяла ў Нью-Ёрку, у тым ліку з былым прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам і акцёрам Кіяну Рыўзам. Паводле слоў Вячоркі, нават сімвалічныя кантакты могуць мець значэнне ў будучыні, паколькі могуць спрыяць наступным палітычным рашэнням.
У якасці прыкладу ён прывёў сустрэчу з прадстаўнікамі Фінляндыі, праз дзве гадзіны пасля якой фінскі бок абвясціў пра выдзяленне 100 тысяч еўра Міжнароднаму гуманітарнаму фонду.
Вячорка таксама расказаў пра сустрэчу прадстаўнікоў дэмакратычных сіл з Максімам Рыжанковым.
«Мы размаўлялі з аўстрыйскім міністрам замежных спраў, бачу, Рыжанкоў выходзіць, я падыходжу да дэлегацыі, працягваю руку, ён таксама працягвае, падыходзіць на метр, потым глядзіць, палае, руку хавае. Кажу: «Не, ну давайце пагаворым». Бо Алейнік, мінулы міністр, быў вельмі адкрыты, і размаўляў, і вітаўся, а гэты проста такі баязлівы. <…>. Ён пачаў нешта там, жабракі, там з капелюшом ходзіце, жабруеце, пачаў усю гэтую сваю эпапею. Кажу, давайце проста пагаворым. Ну вось ён і ўцёк», — расказаў дарадца.