Скриншот видео "Радыё Свабода"
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка лічыць, што вызваленне 25 палітзняволеных пасля візіту спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла ў Мінск – не канец працэсу. На яго думку, беларускія ўлады маглі вылучыць дадатковыя ўмовы для вызвалення астатніх зняволеных. Гэта прагучала ў спецыяльным эфіры “Радыё Свабоды” з сустрэчы вызваленых палітзняволеных у Літве.
«Джон Коўл зрабіў, як звычайна, выдатную працу, і людзі на свабодзе. Так, гэта не тая лічба, якая анансавалася, але, я думаю, гэта яшчэ не канец. Сам Джон Коўл тлумачыў, што ёсць пэўныя ўмовы з боку Мінска, каб астатнюю частку людзей вызваліць. І ў найбліжэйшыя дні, тыдні, я думаю, стане ясна.
Сам Джон Коўл паабяцаў растлумачыць у найбліжэйшы час. Магчыма, гэта звязана з умовамі Лукашэнкі па разблакіроўцы фінансавых сродкаў, актываў. Можа быць, звязана з некаторымі санкцыйнымі прадпрыемствамі. Ясна, што Лукашэнка заўсёды хоча пакінуць за сабой апошняе слова – памяняць спісы, не даць тое, што абяцаў», – заявіў Вячорка.
Паводле яго слоў, амерыканская дэлегацыя ехала ў Мінск з пэўнымі чаканнямі і дамоўленасцямі, таму ён чакае працягу перамоў.
“Але я ўпэўнены, што гэты працэс працягнецца. З амерыканцамі на сувязі, і яны робяць гэта для нас. Яны вызваляюць нашых людзей. І тое, што гэта стала прыярытэтам амерыканскай адміністрацыі – я думаю, гэта заслуга і праваабаронцаў, і журналістаў, і дэмакратычных сіл. Што амерыканцы зрабілі тэму палітзняволеных адным са сваіх прыярытэтаў знешняй палітыкі”, – заявіў дарадца.
Паводле яго слоў, спецпасланнік “уважліва” ставіцца да інфармацыі пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, і ведае пра сітуацыю са сваякамі вызваленых і дакументамі.
“Джон Коўл кажа ў інтэрв’ю “Голасу Амерыкі” пару дзён таму, што ён размаўляе і кансультуецца і са Святланай Ціханоўскай, і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, праваабаронцамі. Ён вельмі ўважлівы, вельмі слухае, ён уважлівы да дэталяў, ён ведае пра тое, што людзей працягваюць саджаць і рэпрэсіі працягваюцца. Нездарма Лукашэнка вымушаны быў апраўдвацца ў пачатку гэтай сустрэчы.
Ён ведае, што пераследуюць сваякоў тых, каго вывезлі. Хоць чакалася, што не будуць чапаць тых палітзняволеных, якія выйшлі на свабоду і апынуліся ў Польшчы або Літве. Ён уздымае пытанні таксама з дакументамі. Яны ведаюць, выдатна разумеюць гэты палітычны клімат у Беларусі, які не мяняецца. Але яны робяць максімум у рамках магчымага. Гэта значыць выціскаюць максімум карысці для нас з вамі, каб людзі апынуліся на свабодзе. Ужо наступны этап потым – каб людзі маглі вярнуцца дадому. Але давайце спачатку даможамся, каб людзі не знаходзіліся ў турмах”, – падкрэсліў Вячорка.
Нагадаем, 25 чалавек былі вызваленыя 16 верасня 2026 года ў выніку намаганняў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла.