Віктар Лукашэнка абмяркоўвае спартыўнае супрацоўніцтва з Азербайджанам

Віктар Лукашэнка, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, знаходзіцца з візітам у Азербайджане.

4 кастрычніка Лукашэнка наведаў чэмпіянат свету па дзюдо ў Баку і правёў перамовы з прэзідэнтам Еўрапейскай федэрацыі дзюдо Ласла Тотам. Абмяркоўвалася ў тым ліку пытанне ўдзелу беларускіх спартсменаў, суддзяў і спецыялістаў у праектах пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі.

5 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF) Марыусам Візерам і абмеркаваў з ім магчымасць правядзення міжнародных мерапрыемстваў у Беларусі.

Таксама сёння адбылася сустрэча з міністрам моладзі і спорту Азербайджана Фарыдам Гаібавым. Бакі абмеркавалі бягучы стан і перспектывы развіцця спартыўнага супрацоўніцтва паміж Азербайджанам і Беларуссю і іншыя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, паведамляе Міністэрства моладзі і спорту Азербайджана.

На сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Азербайджана абмяркоўвалася пашырэнне супрацоўніцтва паміж Азербайджанам і Беларуссю ў сферы спорту і алімпійскага руху.

З азербайджанскага боку ў перамовах узялі ўдзел віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Чынгіз Гусейнзадэ, генеральны сакратар Азер Аліеў, з беларускага — Віктар Лукашэнка, генеральны сакратар НАК Беларусі Ксенія Санковіч, памочнік Лукашэнкі Юлія Кандрусік і прэс-сакратар Паліна Ігнаценка, паведамляе НАК Азербайджана.

Фота: НАК Азербайджана
Фота: НАК Азербайджана
Фота: НАК Азербайджана
Фота: facebook.com/mysofficial