Фото: t.me/customs_bel
Віцебскія мытнікі выявілі дзве спробы ўвозу марыхуаны ў Беларусь на беларуска-расійскім участку мяжы. У абодвух выпадках рэчыва выявілі службовыя сабакі.
Як паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце, у першым выпадку марыхуану спрабаваў увезці 32-гадовы грамадзянін Беларусі, які ехаў на мікрааўтобусе Ford Transit. Скрутак з рэчывам, загорнуты ў фольгу, знайшлі на пасажырскім сядзенні.
У другім выпадку 29-гадовы беларус перавозіў марыхуану ў аўтамабілі Opel Insignia. Скрутак ён схаваў у флаконе ад дэзадаранту сярод асабістых рэчаў.
Экспертыза спецыялістаў ДКСЭ па Віцебскай вобласці пацвердзіла, што выяўленыя рэчывы з’яўляюцца марыхуанай.
У дачыненні да абодвух мужчын распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 328-1 КК аб незаконным перамяшчэнні праз мяжу наркатычных сродкаў. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.