Вераніка Станкевіч прызначана прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы АПК

Святлана Ціханоўская прызначыла Вераніку Станкевіч прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Рашэнне прынята па рэкамендацыі Каардынацыйнай рады ў адпаведнасці з устаноўленай працэдурай, паведамілі ў прэс-службе АПК.

Ціханоўская адзначыла, што досвед Станкевіч у працы з былымі палітвязнямі і разуменне патрэб людзей, якія перажылі рэпрэсіі, важныя для гэтай пасады.

«Сацыяльная палітыка – гэта перш за ўсё пра людзей, пра падтрымку тых, хто апынуўся ў складанай сітуацыі і мае патрэбу ў дапамозе», – заявіла Ціханоўская.

Яна выказала ўпэўненасць, што досвед Станкевіч дапаможа ўзмацніць працу кабінета ў гэтым кірунку.

Напярэдадні ў Каардынацыйнай радзе прайшлі слуханні трох кандыдатак на гэтую пасаду. Па выніках рэйтынгавага галасавання рада рэкамендавала прызначыць Станкевіч. Яе кандыдатуру вылучыла фракцыя «Кааліцыя Латушкі і Рух “За Свабоду».

Станкевіч каардынуе ініцыятыву «Вольныя», якая дапамагае былым палітвязням адаптавацца да жыцця на свабодзе і атрымліваць сацыяльную, юрыдычную і іншую неабходную падтрымку.

Раней абавязкі прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы кабінета выконвала Юлія Міцкевіч. Яна заняла гэтую пасаду пасля прызначэння Вольгі Зазулінскай кіраўніцай Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве.