Анатолий Войтеховский. Скриншот видео
Анатоль Вайцяхоўскі, які вярнуўся ў Беларусь з Польшчы, атрымаў 4 гады «хатняй хіміі». Пра гэта расказала прапагандыстка Ксенія Лебедзева ў праграме, дзе абмяркоўвалася магчымасць пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі.
Як расказала Лебедзева, Вайцяхоўскага абвінавачвалі ў садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці, абразе Лукашэнкі, закліках да санкцый. Па чатырох артыкулах яго асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі». Яна назвала прысуд мяккім, бо «ў звычайных сітуацыях мінімум выглядаў бы як 4 гады калоніі».
«Езджу на працу. У выхадныя знаходжуся дома ў кватэры. Карткі заблакаваныя. І тэлефон заблакаваны», — расказаў Вайцяхоўскі пра жыццё пасля прысуду.
Нагадаем, учора стала вядома, што Вайцяхоўскага выключылі са спісу «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», які вядзе КДБ Беларусі.
***
Вайцяхоўскі ў 1990-х заснаваў адну з першых прыватных газет у Баранавічах — «Шаг», у 2000-х займаўся бізнесам. У красавіку 2023 года Войцяхоўскага затрымлівалі за каментары. Ён эвакуіраваўся ў Польшчу пры дапамозе BYSOL.
У сакавіку мінулага года Вайцяхоўскі разам з яшчэ адным актывістам, Уладзімірам Усерам, з якім яны жылі ў адной кватэры ў Беластоку, з’явіўся ў прапагандысцкім фільме БТ «Чужое небо», у якім беларусы расказвалі пра праблемы жыцця ў эміграцыі. Як аказалася, абодвух знялі там падманам.
У лістападзе 2025 года Усера затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Яму былі выстаўленыя абвінавачанні ў дзейнасці ў інтарэсах замежнай разведкі супраць Польшчы. З-за стану здароўя Уладзіміра не сталі змяшчаць пад варту. Спачатку ён знаходзіўся ў бальніцы, затым — у шелтары ў Беластоку. У пачатку снежня ён памёр.
Пасля смерці Усера Вайцяхоўскі перастаў з’яўляцца на працы ў таксі, выдаліў свой профіль у Telegram і выключыў тэлефон, а потым нечакана знайшоўся ў Беларусі і зняўся ў прапагандысцкім відэа.