Ва Украіне растлумачылі ўмовы навучання беларусаў у школах і ўніверсітэтах

Грамадзяне Беларусі могуць паступаць ва ўкраінскія ўніверсітэты, аднак для некаторых катэгорый абітурыентаў патрабуецца індывідуальны дазвол Міністэрства адукацыі і навукі Украіны. Пры гэтым магчымасць навучання беларускіх дзяцей ва ўкраінскіх школах анлайн з атрыманнем атэстата дзяржаўнага ўзору пакуль застаецца адкрытым пытаннем.

Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства адукацыі і навукі Украіны на зварот прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Баркоўскага. Тлумачэнні даў намеснік міністра Іван Юрыйчук.

Баркоўскі накіраваў у міністэрства пытанні, якія датычацца школьнай і вышэйшай адукацыі для беларусаў.

У міністэрстве патлумачылі, што кожнае дзіця, якое знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, мае права бясплатна атрымаць поўную сярэднюю адукацыю ў дзяржаўнай або камунальнай школе. Ведамства таксама падтрымала імкненне беларускай моладзі атрымліваць адукацыю з дапамогай анлайн-платформаў і адукацыйных праграм. Аднак у адказе не ўдакладняецца, ці могуць беларускія дзеці, якія пражываюць за межамі Украіны, дыстанцыйна вучыцца ва ўкраінскіх школах і атрымліваць атэстаты дзяржаўнага ўзору. Гэтае пытанне плануецца абмеркаваць падчас далейшых кансультацый.

Што датычыцца беларускамоўных анлайн-устаноў, то ўкраінскае заканадаўства не прадугледжвае працэдуры акрэдытацыі замежных школ. Адукацыйныя ўстановы, якія працуюць за межамі Украіны, павінны кіравацца заканадаўствам краіны, у якой яны знаходзяцца.

Як адзначылі ў АПК, магчымасць распрацоўкі сумесных адукацыйных праграм і стварэння прававых умоў для акрэдытацыі беларускамоўных анлайн-школ таксама плануецца абмеркаваць дадаткова.

Грамадзяне Беларусі маюць права паступаць ва ўкраінскія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Згодна з правіламі прыёму на 2026 год, абітурыентам, якія не маюць дазволу на пастаяннае пражыванне ва Украіне, неабходна атрымаць індывідуальны дазвол Міністэрства адукацыі і навукі. Гэтае патрабаванне распаўсюджваецца і на беларусаў з дазволам на часовае пражыванне.

Выключэнне прадугледжана для грамадзян Беларусі, якія ўдзельнічалі ў абароне Украіны і атрымалі статус удзельніка баявых дзеянняў, а таксама для іх дзяцей. Ім індывідуальны дазвол не патрабуецца.

Магчымасць навучання за кошт дзяржаўнага бюджэту залежыць ад прававога статусу абітурыента і іншых прадугледжаных заканадаўствам умоў. Пытанні арганізацыі навучальнага працэсу і пражывання замежных студэнтаў вырашаюць самі ўніверсітэты.

Падчас далейшых кансультацый бакі маюць намер абмеркаваць умовы пражывання беларускіх студэнтаў і магчымасць стварэння спецыяльных праграм, якія спрасцілі б ім паступленне.

У адказе міністэрства таксама адзначаецца, што пагадненне паміж Украінай і Беларуссю аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі спыніла дзеянне.

Украінскае ведамства заявіла аб падтрымцы імкнення беларускага народа да незалежнасці і пабудовы прававой еўрапейскай дзяржавы.

Кансультацыі па пытаннях адукацыі плануецца працягнуць пры пасярэдніцтве пасла па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па пытаннях Беларусі Яраслава Чарнагора.