Грамадзяніна Беларусі, які праходзіць службу ва УСУ, затрымалі ў Кіеве па запыце Польшчы, дзе яго падазраюць у дзейнасці на карысць замежнай разведкі і падрыўной дзейнасці, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле інфармацыі выдання, мужчына быў затрыманы 16 лістапада на падставе «чырвонай карткі» Інтэрпола, выдадзенай у сакавіку 2025 года. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення разведкі пры сілавой падтрымцы спецатрада паліцыі «КОРД». Праз два дні беларуса вызвалілі, бо суд адмовіў пракурорам у яго арышце для экстрадыцыі.
Беларус пастаянна жыве ва Украіне з сям’ёй, праходзіць службу ва УСУ, мае баявы досвед і ўзнагароды за службу, атрымаў раненне.
На момант затрымання ва ўкраінскіх пракурораў не было афіцыйнага запыту Польшчы на экстрадыцыю, але яны паспелі праінфармаваць польскі бок пра яго затрыманне. Таксама вядома, што ў польскіх і ўкраінскіх матэрыялах справы не супала дата нараджэння затрыманага.
У Польшчы беларусу інкрымінуюць удзел у дзейнасці замежнай разведкі, а таксама падрыўныя дзеянні і сабатаж. Ордар на арышт выдадзены ў жніўні 2024 года раённым судом Уроцлава, а ў снежні 2024 года — акруговым судом Уроцлава. Падрабязнасці справы невядомыя.