Фото: СБУ
Ва Украіне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці прысудзілі 49-гадовага жыхара Кіева, які супрацоўнічаў з беларускімі і расійскімі спецслужбамі. Яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, паведамляе Офіс генпракурора Украіны.
Згодна з абвінавачаннем, мужчына супрацоўнічаў з прадстаўнікамі беларускіх і расійскіх спецслужбаў і перадаваў ім разведданыя пра месцы дыслакацыі УСУ і аб’екты крытычнай інфраструктуры Кіева.
«Супрацоўніцтва пачалося ў маі 2025 года з перапіскі ў Telegram. Мясцовы рознарабочы трапіў у поле іх увагі пасля публікацыі пракрамлёўскіх каментарыяў у Telegram-каналах. Ужо ў кастрычніку ён пачаў выконваць разведвальныя задачы — збіраць інфармацыю і перадаваць каардынаты аб’ектаў у сталіцы.
У прыватнасці, мужчына здымаў перыметр кіеўскай ЦЭЦ на камеру мабільнага тэлефона з акна ўласнай кватэры. Пасля расійскіх абстрэлаў ён праводзіў даразведку паблізу аб’екта, каб высветліць яго тэхнічны стан і наступствы ўдараў», — паведамляе Офіс генпракурора Украіны.
Абвінавачаны таксама фатаграфаваў месцы дыслакацыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Даныя ён адпраўляў у Telegram-каналы і чат-боты, якія выкарыстоўвалі беларускія і расійскія спецслужбы, у прыватнасці чат-бот Дзяржпагранкамітэта Беларусі.
За выкананне заданняў мужчына разлічваў эвакуявацца з Украіны. Ён сабраў тактычны заплечнік з неабходнымі рэчамі для незаконнага перасячэння мяжы.
Пакінуць Украіну мужчына не паспеў: яго затрымалі ў Кіеве ў канцы 2025 года.