Ва ўнутраных войсках МУС пачалася праверка боегатоўнасці па даручэнні Лукашэнкі

У 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгадзе ўнутраных войскаў МУС, якая дыслакуецца ў Віцебску, пачатая праверка боегатоўнасці. Яна праводзіцца па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Даручэнне аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч уручыў сёння кіраўніку МУС Івану Кубракову, паведамляе БелТА.

Вальфовіч нагадаў, што ў Беларусі працягваецца праверка дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. На мінулым тыдні Лукашэнка даручыў прывесці ў поўную баявую гатоўнасць 51-ю артылерыйскую брыгаду.

Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, не хавалася, што Лукашэнка паставіў задачу праверыць іншыя структуры ваеннай арганізацыі.

«У прыватнасці, адным з асноўных з’яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў. Таму сёння міністру ўнутраных спраў было ўручана распараджэнне аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць у адпаведнасці з прызначэннем 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС, якая дыслакуецца ў Віцебску», – адзначыў ён.

Паводле слоў Вальфовіча, такая праверка ў структуры МУС праводзіцца ўпершыню.

«Праверым увесь алгарытм і ўвесь ланцужок – ад пастаноўкі задач міністрам унутраных спраў да камандзіра злучэння. Таму мы паглядзім, якія алгарытмы распрацаваныя ў МУС, у адрозненне ад Узброеных Сіл», — заявіў ён.

Упор будзе зроблены на баявую і мабілізацыйную гатоўнасць унутраных войскаў, у тым ліку на адмабілізаванне і даўкамплектаванне да штатаў ваеннага часу. Да праверкі будуць прыцягнутыя войскі, каб наблізіць умовы да баявых. Перад унутранымі войскамі пастаўленая задача забяспечыць грамадскі парадак пры дэстабілізацыі абстаноўкі.

«Паглядзім, як ва ўнутраных войсках укаранёны досвед спецыяльнай ваеннай аперацыі і іншых сучасных канфліктаў. Задачы для ўнутраных войскаў спецыфічныя: гэта перш за ўсё забеспячэнне грамадскага парадку на тэрыторыі нашай краіны ва ўмовах дэстабілізацыі абстаноўкі.

Для таго, каб умовы былі максімальна набліжаныя да баявых, да праверкі будуць прыцягнутыя войскі абазначэння. Убачым, як камандзір брыгады, выконваючы задачы, паралельна будзе рэагаваць на змены абстаноўкі. Таму ацэнім, паглядзім і зробім адпаведныя высновы, пра што будзе даложана кіраўніку дзяржавы», – заявіў Вальфовіч.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!