Фото: БМЗ
Міністэрства эканомікі апублікавала вынікі кан’юнктурнага апытання, праведзенага ў кастрычніку.
З іх вынікае, што ў прамысловасці знізіўся як узровень загрузкі, так і забяспечанасці заказамі.
“Узровень загрузкі вытворчых магутнасцяў у сярэднім па прамысловасці склаў 68%, а сярэдні перыяд забяспечанасці заказамі – 2,7 месяца”, – гаворыцца ў паведамленні.
У параўнанні з вераснёўскім апытаннем узровень загрузкі знізіўся на 1 п.п., а забяспечанасць заказамі – на 0,2 месяца.
67% рэспандэнтаў у кастрычніку паведамілі пра павышэнне альбо захаванне аб’ёмаў выпуску ў справаздачным перыядзе, 72% рэспандэнтаў адзначылі рост альбо стабільную дынаміку попыту. Гэтыя індыкатары таксама знізіліся на 1 п.п. у параўнанні з вераснем.
“Другі месяц запар каля 35% удзельнікаў даследавання адзначаюць трэнд на скарачэнне складскіх запасаў”, – дадалі ў міністэрстве.
На 3 п.п. вырасла колькасць рэспандэнтаў (76%), якія заявілі пра стабільную колькасць занятых на прадпрыемствах, на 2 п.п. знізілася колькасць рэспандэнтаў (11%), якія казалі пра яе павелічэнне.
Рост інвестыцый у найбліжэйшыя тры месяцы плануюць 22% кіраўнікоў, 68% – захаванне бягучай дынамікі.
“У кароткатэрміновай перспектыве амаль палова топ-менеджараў мяркуе, што бягучы ўзровень попыту захаваецца, 30% апытаных прагназуюць яго рост. Захаванне бягучага ўзроўню занятасці плануюць 76% рэспандэнтаў, 42% – нязменнасць дынамікі аб’ёмаў прамвытворчасці, якая склалася, павелічэнне выпуску прадукцыі чакаюць 35% кіраўнікоў кампаній, у планах траціны дырэктараў – рост прыбытку”, – дадалі ў Мінэканомікі.