Пасля двухмесячнага перапынку прэс-служба міністэрства вырашыла раскрыць звесткі пра загрузку вытворчых магутнасцей.
«Узровень загрузкі вытворчых магутнасцей у сярэднім па прамысловасці складае 69%. Сярэдні перыяд забяспечанасці заказамі застаўся на ўзроўні 2,9 месяца», — гаворыцца ў паведамленні.
Трэба адзначыць, што сярэдні перыяд забяспечанасці заказамі не змяніўся ў параўнанні са жніўнем.
У астатнім рэспандэнты даследавання працягнулі выказваць аптымізм.
68% удзельнікаў апытання з ліку кіраўніцтва прадпрыемстваў паведамілі пра павелічэнне альбо захаванне аб’ёмаў выпуску, 73% рэспандэнтаў адзначылі рост альбо стабільную дынаміку попыту.
Каля 35% удзельнікаў даследавання адзначылі трэнд на скарачэнне складскіх запасаў.
73% указалі на захаванне колькасці занятых на прадпрыемствах, 13% — на яе павелічэнне.
Рост інвестыцыйнай актыўнасці ў найбліжэйшыя тры месяцы плануюць 20% кіраўнікоў, 70% — захаванне бягучай дынамікі.
«У кароткатэрміновай перспектыве амаль палова топ-менеджараў мяркуе, што бягучы ўзровень попыту захаваецца, траціна апытаных прагназуюць яго рост. Захаванне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці плануюць 46% рэспандэнтаў, павелічэнне выпуску прадукцыі — 36% кіраўнікоў кампаній, 34% — рост прыбытку», — падсумавалі ў міністэрстве.