УСУ завяршылі яшчэ адзін сезон аперацыі “Вівальдзі”

Трэці армейскі корпус Узброеных сіл Украіны завяршыў чацвёрты этап аперацыі “Вівальдзі”. Пра гэта заявіў яго камандуючы, брыгадны генерал Андрэй Білецкі.

“Мы не далі праціўніку абысці Славянска-Краматорскую агламерацыю з флангаў і заціснуць яе ў абцугі, а таксама абаранілі трасу Харкаў – Славянск. Праціўнік не змог перарэзаць ключавую лагістычную артэрыю нашай групоўкі на Данбасе. Мы сарвалі наступ групы “Захад” і прымусілі яго перакінуць частку падраздзяленняў 1-й танкавай арміі, што аслабіла ціск на Купянск-Вузлавы”, – падвёў вынікі Білецкі.

Аперацыя пачалася з ліквідацыі расійскай інфільтрацыі і перарасла ў наступленне. На чацвёртым этапе былі вызваленыя яшчэ тры населеныя пункты, расійскі бок, паводле даных УСУ, страціў каля 3 тыс. салдат, быў вызвалены 101 кв. км тэрыторыі.

Усяго за час аперацыі ўкраінскія вайскоўцы вярнулі кантроль над 16 населенымі пунктамі і 277 кв. км тэрыторыі. Страты расійскага боку яны ацэньваюць у 8 тыс. чалавек.

“Чатыры сезоны “Вівальдзі” завершаныя. Але музыка гучыць”, – намякнулі ў прэс-службе Трэцяга армейскага корпуса на далейшы працяг.