«Усе думалі, што іх гісторыя скончылася»: праект Filamaty прэзентаваў у сеціве аднайменны дэбютны альбом

Праект Filamaty, які ў сваёй творчасці звяртаецца да спадчыны легендарнага таемнага студэнцкага таварыства XIX стагоддзя, выклаў у сеціва свой дэбютны альбом з лаканічнай назвай «Filamaty». Рэліз калектыў суправадзіў поўным іроніі лозунгам: «Усе думалі, што іх гісторыя скончылася».

Калі на пачатку года першы сінгл «Пацеркі» стаў першай нанізанай перлінай, то цяпер перад намі паўстаў суцэльны альбом з 7 кампазіцый — гукавое палатно, якое злучае эпохі, лёсы і мары ды прапануе стварыць сваю Беларусь.

Творчы сімбіёз і рэха XIX стагоддзя

Дзеля таго, каб скласці тэксты і музыку для праекта, яго ўдзельнікам — лідару Syndroma Samazvanca Уладзю Лянкевічу і музыкам гурта Relikt (Алесю Дземідзенку, Змітру Наркевічу, Віталю Макшуну) — прыйшлося сур’ёзна заглыбіцца ў гісторыю XIX стагоддзя.

У выніку паўстаў унікальны калабарацыйны прадукт. Атмасфернасць і меланхалічны гітарны грув, характэрныя для Relikt (згадаем іх альбом «Рамантызм»), сустрэліся з інтэлектуальным, іранічным і авангардным почыркам Уладзя Лянкевіча.

Аўтары з лёгкай іроніяй і вытанчаным дэндзізмам прыпадносяць сваю творчасць (што падкрэсліваецца і іх знешнім вобразам), але за гэтай эстэтыкай хаваецца сама сутнасць — дух адраджэння і супольнага супраціву часу. Погляды колішніх філаматаў, іх ідэі і памкненні арганічна рыфмуюцца з досведам і надзеямі сучасных беларусаў. Вольная краіна, культура, нацыянальная ідэнтыфікацыя — коды маладых асветнікаў XIX стагоддзя і беларусаў XXI стагоддзя супадаюць, нягледзячы на адлегласць у два стагоддзі.

Фота: сацсеткі праекта.

Музычная рок-п’еса і 3D-эфект

Пры праслухоўванні «Filamaty» ствараецца ўражанне сапраўднай рок-п’есы. Гэтага эфекту аўтары дасягаюць праз складаныя рытмічныя пераходы, «прагрэсіў-гітарны саунд» і выразныя акцэнты шматгалосся.

Калі занурыцца ў прастору праекта, узнікае амаль кінематаграфічны, 3D-эфект: музыка і тэксты ствараюць аб’ёмны свет, дзе мінулае і сучаснасць праектуюцца адно на адно праз яркія, запамінальныя метафары.

У «Čornaja Piatnica» аўтары дасягаюць напружання, спалучаючы іронію і трагедыю ды праводзячы сувязь праз эпохі і месцы зняволення філаматаў і сучаснікаў (ад царскіх турэм да сучасных «Воўчых Нор»): «Як гэта мы ад банальнай «чорнай пятніцы» дайшлі да «крывавай нядзелі»?

Песня «Пішаш-чакаеш», напісаная пра высылку філаматаў і чаканне лістоў у ссылцы, праводзіць паралель з беларускімі палітзняволенымі: «Цяпер ты дзесьці там, на непрыдуманым краю свету, Пішаш, чакаеш ліста, паголаскі, урыўка ветру…».

А ў завяршальным трэку «Albaruthenia» скрозь попел прабіваецца вера ў непазбежнасць адраджэння: «Ведай, старая Літва, альбо нічога, альбо…Праз магілы твае прарасце ў абрысах зубра Альбарутэнія», дзе Albaruthenia — гэта лацінская назва Беларусі, якая панавала ў еўрапейскіх картах і дакументах з эпохі Рэнесансу (XVI–XVII стагоддзі).

«Filamaty» ўтрымліваюць і пэўны шарм перфарматыўнасці і тэатру: можна ўявіць праект, выступаючым на самых розных пляцоўках — ад канцэртных клубаў да кінатэатраў. Гэта музычная п’еса для ўсіх ўдзельнікаў гісторыі.

Пачуць “Філаматаў” ужывую можна будзе ўжо ў бліжэйшыя дні: гурт выступіць на XXXI фестывалі «Бардаўская восень» у Бельску-Падляшскім 23 кастрычніка.

Слухаць жа новы альбом на музычных пляцоўках можна тут.

Таварыства філаматаў (ад грэчаскага «аматары ведаў») — таемная патрыятычная і асветніцкая арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якая існавала ў 1817–1823 гадах. Яе заснавальнікамі сталі маладыя інтэлектуалы, сярод якіх былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Тамаш Зан. Суполка мела на мэце маральнае ўдасканаленне, сумесную адукацыю і падрыхтоўку грамадства да будучых пераўтварэнняў праз лозунг «Навука, Дзейнасць, Справядлівасць». Філаматы верылі, што шлях да вольнай краіны ляжыць праз захаванне нацыянальнай культуры і асвету народа.

Дзейнасць таварыства стала фундаментам для многіх наступных пакаленняў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і для Напалеона Орды, які ўвайшоў у кола іх пераемнікаў. Нягледзячы на разгром арганізацыі царскімі ўладамі ў 1823 годзе і высылку яе ўдзельнікаў, філаматы стварылі ўнікальны код інтэлектуальнага супраціву і салідарнасці. Менавіта гэтая ідэя «супольнасці роўных», аб’яднаных марамі пра вольную культуру, застаецца актуальнай і сёння, знаходзячы новае гучанне ў сучаснай беларускай музыцы і мастацтве.