Фото: pasienis.lt
Урад Літвы 30 верасня ўхваліў абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі пры куплі нерухомасці.
Згодна з папраўкамі, прапануецца прыпыніць права грамадзян Расіі і Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве, на куплю нерухомасці, што трапляе ў зоны, размешчаныя побач з аб’ектамі, важнымі для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, або ваеннымі палігонамі. Грамадзяне Беларусі без літоўскага дазволу на жыхарства і юрасобы, якія ім належаць, не змогуць купляць нерухомасць на такіх тэрыторыях, паведамляе LRT.
Прапануецца не пускаць у Літву фізічных і юрыдычных асоб з Расіі і Беларусі, а таксама прадстаўнікоў арганізацый, якія жадаюць весці публічную дзейнасць у сферы адукацыі, навукі, культуры, спорту, мастацтва і забаў, калі будзе ўстаноўлена, што яны ажыццяўляюць або ажыццяўлялі такую дзейнасць на анексаваных або часова акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, альбо прама ці ўскосна падтрымліваюць вайну супраць Украіны або ўдзельнічалі ў ёй.
Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на асоб, якія выступалі супраць агрэсіі, акупацыі або анексіі, публічна выказвалі нязгоду з гэтымі дзеяннямі і не садзейнічалі рэалізацыі інтарэсаў акупацыйных улад.
Акрамя гэтага, прапануецца не ўпускаць у Літву асоб, якія робяць дзеянні або праводзяць палітыку, што падрывае тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны, падтрымліваюць парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у Расіі і Беларусі, альбо чыя дзейнасць уяўляе пагрозу для дэмакратыі і прававой дзяржавы.
МЗС Літвы прапануе, каб грамадзяне Беларусі і Расіі, якія жадаюць прыехаць у Літву для працы ў сферах адукацыі, культуры, спорту, мастацтва або забаў, падпісвалі публічную дэкларацыю з асуджэннем расійскай агрэсіі супраць Украіны і падтрымкай яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Пры адмове падпісаць дэкларацыю забараняецца весці такую дзейнасць у Літве.
Папраўкі павінны быць ухваленыя Сеймам. У выпадку ўхвалення яны набудуць моц 1 студзеня 2027 года.