Прилавок магазина в Минске. Мука. Фото: Reform.by
Савет Міністраў Беларусі пашырыў пералік тавараў, экспарцёры якіх могуць атрымаць з бюджэту частковую кампенсацыю транспартна-лагістычных выдаткаў.
Як паведамілі ў прэс-службе ўрада, у адпаведнасці з пастановай, падпісанай сёння, экспарцёры пшанічнай мукі, макаронных вырабаў і курыных яек могуць атрымаць кампенсацыю да 30% транспартна-лагістычных выдаткаў пры пастаўках за межы СНД.
Адначасова ўрад пашырыў і пералік краін, пры пастаўках у якія ажыццяўляецца кампенсацыя. У яго дададзена Сьера-Леонэ.
Нагадаем, у жніўні гэтага года ўрад прыняў пастанову аб рэалізацыі пілотнага праекта па кампенсацыі часткі выдаткаў на лагістыку пры пастаўках за межы СНД.
Кампенсацыю экспарцёры змогуць атрымаць у 2027 годзе пры ўмове экспарту ў другім паўгоддзі 2026 года харчовай прадукцыі ў краіны «далёкай дугі». Раней было ўстаноўлена, што пры пастаўках сметанковага масла, сыроў, дзіцячага харчавання будзе кампенсавацца да 50% выдаткаў, а пры экспарце мяса птушкі, сухога малака і сухой сыроваткі — 30% выдаткаў.
У пералік краін, пастаўкі ў якія будуць субсідавацца, першапачаткова былі ўключаныя 55 дзяржаў. Сярод іх краіны Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу, у тым ліку Кітай, Ізраіль, Індыя, Пакістан, Аман і інш.