Анастасія Лукашэнка, дачка Дзмітрыя Лукашэнкі і Ганны Лукашэнкі (Сялук), верагодна, выйшла замуж за расіяніна Дзмітрыя Елісеева, з якім вучылася ў адной ВНУ, высветліла «Бюро».
У 2021 годзе Анастасія паступіла на юрыдычны факультэт МДУ на кафедру канстытуцыйнага і муніцыпальнага права. Дыплом бакалаўра яна атрымала летам 2025 года і паступіла ў магістратуру юрфака.
Акрамя вучобы Анастасія прымала ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта. З 2023 года яна ўваходзіла ў савет добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ (ДСД) – аб’яднання студэнтаў-актывістаў, якое займаецца арганізацыяй розных мерапрыемстваў для навучэнцаў факультэта. У савеце ДСД Анастасія тры гады займала пасаду кіраўніцы аддзела па працы з замежнымі студэнтамі і дэлегацыямі. Падрабязнасці жыцця Анастасіі ўдалося даведацца менавіта з сацсетак студэнцкай дружыны.
Дзмітрый Елісееў нарадзіўся ў расійскім Орску і ў 2021 годзе паступіў на юрфак МДУ на кафедру прадпрымальніцкага права.
У красавіку 2024 года дэлегацыя ДСД ездзіла ў Мінск. На фота ў Палацы Незалежнасці Анастасія і Дзмітрый трымаюцца за рукі, а падчас экскурсіі на фабрыку «Камунарка» — абдымаюцца.
Пры дапамозе «Кіберпартызан» «Бюро» даведалася, што Елісееў яшчэ некалькі разоў прылятаў у Беларусь. У ліпені 2024 года ён прабыў у Беларусі мінімум тыдзень і разам з Анастасіяй быў на канцэрце Вікторыі Алешкі на «Славянскім базары». У студзені 2025 года пара была на канцэрце ў салігорскай шахце. Яшчэ раз Дзмітрый прыехаў у Беларусь у ліпені 2025 года, а за месяц да гэтага, у чэрвені, Анастасія разам з Дзмітрыем ляталі ў яго родны горад Орск.
На фота і відэа ў сацсетках ДСД можна заўважыць, што ў лютым 2025 года Анастасія носіць заручальны пярсцёнак на безыменым пальцы правай рукі. З гэтым жа пярсцёнкам яе сфатаграфавалі ў красавіку 2025 года на сходзе ДСД.
У верасні 2025 года прайшлі выбары ў савет ДСД. Анастасія была пераабрана на пасаду кіраўніцы аддзела па працы з замежнымі студэнтамі і дэлегацыямі. Але ў пабліках дружыны яна ўжо фігуруе як Анастасія Елісеева.
Сваю старонку ў «ВКонтакте» дзяўчына таксама перайменавала ў «Анастасія Елісеева».
«Бюро» высветліла, што ў Дзмітрыя Елісеева ёсць аднапакаёвая кватэра ў Маскве плошчай 23 кв. метры ў ЖК «Большая Очаковская 2», у 20 хвілінах язды ад галоўнага корпуса МДУ. Кватэра запісана на яго маці Ірыну Елісееву, якая жыве ў Орску і працуе намесніцай дэкана па выхаваўчай рабоце ў Орскім гуманітарна-тэхналагічным інстытуце, а таксама аказвае паслугі рэпетытара як ІП. Дзмітрый зарэгістраваны ў расійскай падатковай як самазаняты.








