УНС абярэ старшыню ЦВК

На пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу 17-18 снежня ўпершыню будуць абраныя старшыня і члены Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сённяшнім пасяджэнні прэзідыума УНС.

“Упершыню на пасяджэнні УНС трэба будзе абраць старшыню і членаў нашай Цэнтральнай выбарчай камісіі”, – сказаў ён.

Цяпер Цэнтрвыбаркам узначальвае Ігар Карпенка. Ён быў прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам у снежні 2021 года. Адначасова ім таксама былі вызначаны пяць членаў ЦВК: Вадзім Іпатаў, Алена Балдоўская, Дзяніс Дук, Сяргей Каліноўскі і Аляксандр Южык. Пасля абнаўлення Канстытуцыі ў 2022 годзе старшыня ЦВК і яго члены абіраюцца УНС тэрмінам на пяць гадоў.

Таксама сход разгледзіць “кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў”. Нагадаем, на леташнім сходзе былі прызначаны новыя кіраўнікі абодвух вышэйшых судоў.

Лукашэнка падчас УНС мае намер выступіць са сваім пасланнем народу і парламенту.

“Яшчэ адным пытаннем парадку дня стане даклад прэм’ер-міністра аб ходзе выканання ў бягучым годзе праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку”, – сказаў ён.