Фото: t.me/chernigivskaODA
У ноч на 13 верасня Расія атакавала Украіну 453 ударнымі беспілотнікамі розных тыпаў, уключаючы Shahed, Gerbera, дроны-імітатары «Пародия» і S8000 «Бандероль». Паводле папярэдніх даных Паветраных сіл УСУ, 409 паветраных цэлей былі збітыя або падаўленыя.
Атака працягвалася з вечара 12 верасня. Для ўдараў Расія запускала беспілотнікі з тэрыторыі Курскай, Арлоўскай і іншых абласцей РФ, а таксама з акупаванага Крыма і акваторыі Азоўскага мора.
Украінскія вайскоўцы заявілі пра знішчэнне або падаўленне 405 беспілотнікаў і чатырох «Бандеролей». Пападанні зафіксавалі на 13 лакацыях, яшчэ ў 7 месцах выявілі абломкі збітых цэлей.
У выніку атак пацярпелі некалькі рэгіёнаў Украіны.
У Кіеўскай вобласці расійскія беспілотнікі паўторна атакавалі лагістычнае складское памяшканне ў Барыспальскім раёне. Пасля ліквідацыі пажару прадпрыемства падверглася новаму ўдару. Да тушэння прыцягнулі таксама пажарных міжнароднага аэрапорта «Барыспаль». Ратавальнікі працягваюць працаваць на месцы, паведамілі ў прэс-службе ДСНС.
У Канатопе Сумскай вобласці ў выніку атакі пацярпелі два чалавекі. Пашкоджаны прыватны дом, загарэліся гараж і аўтамабіль. Пажар ліквідавалі. У Батурынскай грамадзе загінуў 52-гадовы жыхар Сумскай вобласці, які вяртаўся з таварышам з рыбалкі. Іх аўтамабіль быў пашкоджаны абломкамі дрона. У Ноўгарад-Северскай грамадзе пасля ўдару «Молнией» знішчаны аўтамабіль, пацярпелі 15-гадовая дзяўчына і 18-гадовы хлопец. Дзяўчыну шпіталізавалі.
Адэская вобласць падвяргалася атацы практычна ўсю ноч. Пашкоджаны шматпавярховы і прыватныя дамы, склады, вытворчыя будынкі, гаражы, аўтамабілі і аб’екты інфраструктуры. У некалькіх месцах узніклі пажары. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулых і пацярпелых няма. Да ліквідацыі наступстваў прыцягвалі больш за 100 ратавальнікаў.
У Харкаўскай вобласці за мінулыя суткі расійскія ўдары закранулі Харкаў і яшчэ 15 населеных пунктаў. Пацярпелі тры чалавекі. У Ізюме ў выніку дэтанацыі выбухованебяспечнага прадмета загінула 26-гадовая жанчына. Паводле даных кіраўніка Харкаўскай АВА Алега Сінягубава, вобласць атакавалі 5 беспілотнікаў тыпу «Молния», 9 FPV-дронаў і яшчэ 112 БПЛА, тып якіх устанаўліваецца. Пашкоджаны жылыя дамы, крамы, аўтамабілі і складскія памяшканні.
У Чарнігаўскай вобласці расійскія ўдары прывялі да гібелі аднаго чалавека і раненняў яшчэ трох. У Нежыне пасля ўдару «Бандеролями» пашкоджаны жылыя дамы, аўтамабілі і крама, пажар, які ўзнік, патушылі ратавальнікі, паведаміў кіраўнік АВА Вячаслаў Чавус.