Умераў: Магчымасці для працягу перамоўнага працэсу ёсць

Кіраўнік украінскай дэлегацыі на трохбаковых перамовах Рустэм Умераў заявіў, што бакі абмеркавалі пытанні дасягнення міру і пасляваеннага аднаўлення, а таксама выклалі свае пазіцыі, па якіх застаюцца рознагалоссі.

Галоўным вынікам двухдзённых перамоў у Абу-Дабі Умераў назваў дамоўленасць аб маштабным абмене палоннымі. Дэталі абмену ўзгадняюцца.

Умераў адзначыў, што бачыць магчымасці для працягу перамоў.

«У трохбаковым фармаце Украіна–ЗША–Расія абмеркавалі пытанні дасягнення міру і пасляваеннага аднаўлення. Першым крокам да гэтага павінна стаць спыненне вайны і гарантыі бяспекі для Украіны.

За гэтыя два дні бакі змаглі наўпрост выкласці свае пазіцыі, па якіх застаюцца істотныя рознагалоссі. Наперадзе яшчэ шмат складанай працы, але магчымасці для працягу перамоўнага працэсу ёсць”, — заявіў Умераў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў тры вынікі перамоў: дамоўленасць аб абмене палоннымі, абмеркаванне забеспячэння бяспекі і абмеркаванне далейшых перамоў з удзелам Еўропы.

«Па-першае: дасягнутая важная гуманітарная дамоўленасць аб падрыхтоўцы новага абмену. Па-другое: бакі абмеркавалі погляды на забеспячэнне бяспекі, і неабходна, каб першым крокам стала спыненне гэтай вайны і гарантыі бяспекі Украіны. Па-трэцяе: абмеркавалі больш шырокія фарматы далейшай працы з удзелам еўрапейцаў», — заявіў Зяленскі.

Ён пацвердзіў сустрэчу з прадстаўнікамі ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам у Дубліне пасля іх паездкі ў Расію.

«Далей амерыканскія прадстаўнікі адпраўляюцца ў Расію, і пасля гэтай размовы мы яшчэ раз скаардынуем пазіцыі і вызначым, якія наступныя крокі магчымыя. Сустракаемся з імі заўтра ў Дубліне. Украінскі прыярытэт — як мага хутчэй скончыць вайну годным мірам. Лічым, што Еўропа павінна быць прадстаўленая на ўсіх этапах рэальнай дыпламатыі. Неабходна, каб Амерыка займала моцную пазіцыю і такім чынам уплывала на крыніцу гэтай вайны, а менавіта — на Расію, каб яна скончыла сваю вайну», — сказаў Зяленскі.