Место инцидента.
Выбух, які прагрымеў на досвітку 22 лістапада на ваенна-марской базе ў Бенгазі, адбыўся на борце расійскага судна, якое стаяла ля прычала. Пра гэта заявіў урад Усамы Хамада, які дзейнічае на ўсходзе Лівіі. Паводле папярэдніх даных расследавання, судна, верагодна, атакавалі з дапамогай беспілотнікаў. Тып апаратаў і тых, хто мог стаяць за атакай, улады не назвалі.
Паводле версіі ўрада, судна вярталася ў Расію і зайшло ў Бенгазі, каб заправіцца і папоўніць запасы харчавання. Такі заход прадугледжаны дзейнымі пагадненнямі паміж дзвюма краінамі. Назва судна, звесткі пра яго стан і лёс экіпажа ў заяве не прыводзяцца.
Раней служба грамадзянскай абароны Бенгазі паведамляла пра выбух на складзе боепрыпасаў. Урад Хамада заявіў, што склады і іншыя аб’екты порта і ваенна-марской базы цэлыя. Пажар патушаны, порт і база працуюць у звычайным рэжыме.
Кабінет даручыў вайскоўцам і органам бяспекі пачаць расследаванне і звязацца з расійскімі ўладамі, каб сумесна ўстанавіць абставіны атакі і яе арганізатараў. Урад асудзіў напад на судна ў лівійскім порце, назваўшы яго «сур’ёзным замахам на нацыянальны суверэнітэт». Ён пакінуў за сабой права прыняць прававыя і дыпламатычныя меры ў дачыненні да тых, чый удзел у падрыхтоўцы, правядзенні або падтрымцы атакі будзе даказаны.
У заяве падкрэсліваецца, што Лівія не ўдзельнічае ў расійска-ўкраінскай вайне, а яе пагадненні з іншымі краінамі не могуць служыць падставай для ўдараў па лівійскай тэрыторыі.
«Мы не дазволім ператварыць лівійскія парты, тэрыторыю або тэрытарыяльныя воды ў арэну для звядзення рахункаў або пераносу міжнародных канфліктаў», — заявіў урад.
Як раней пісаў Reform.news, ваенна-марское выданне Naval News папярэдне ідэнтыфікавала карабель, які загарэўся, як расійскі ракетны карвет «Меркурий» праекта 20380. Паводле даных выдання, карвет суправаджаў канвой суднаў і правёў у Бенгазі некалькі дзён. На спадарожнікавых здымках, якія атрымала рэдакцыя Naval News, карабель бачны ў агні. Выданне лічыць яго «амаль напэўна знішчаным». Засталося незразумелым, ці затануў карвет ля прычала, ці выгарэў і застаўся на плаву.