Фото: t.me/dmytro_lubinetzs
Украінскі падлетак жыў з бацькам на акупаванай тэрыторыі ў Херсонскай вобласці Украіны і вырашыў выехаць з акупацыі праз Беларусь. У Беларусі яго адправілі ў дзіцячы прытулак. Хлопец змог трапіць ва Украіну толькі 31 кастрычніка.
Як паведамляе ўкраінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец, да яго звярнулася маці 16-гадовага падлетка. Яе сын доўгі час жыў на акупаванай тэрыторыі разам з бацькам, які прытрымліваўся прарасійскіх поглядаў, звяртаўся да хатняга гвалту і сістэматычна аказваў на сына псіхалагічны ціск.
Падлетак вырашыў самастойна пакінуць акупаваную тэрыторыю. Пры спробе перасекчы мяжу яго затрымалі беларускія памежнікі, бо яго бацька падаў заяву аб знікненні сына.
Падлетка адправілі ў дзіцячы прытулак у Беларусі, а расійскія акупацыйныя органы прынялі рашэнне аб яго абавязковым вяртанні да бацькі. Маці вылучылі строгае патрабаванне — асабіста з’явіцца ў замежную ўстанову і забраць сына ў абмежаваны тэрмін.
Украінскія ўлады дапамаглі аформіць жанчыне замежны пашпарт у паскораным парадку. 31 кастрычніка сям’я ўз’ядналася на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.