Украінская дэлегацыя пачала сустрэчы ў Абу-Дабі

Украінская дэлегацыя сустрэлася ў Абу-Дабі з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі і НАТА. Да іх таксама далучыліся спецпасланнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер. Пра гэта паведаміў кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў.

Сустрэча папярэднічае трохбаковаму фармату з удзелам Расіі, які павінен стартаваць каля 11 раніцы.

Паводле слоў Умерава, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі еўрапейскіх краін, НАТА і Еўракамісіі будуць скаардынаваныя крокі перад трохбаковымі перамовамі.

“Нашы ключавыя прыярытэты – спыненне баявых дзеянняў, надзейныя пасляваенныя гарантыі бяспекі, эканамічнае аднаўленне і развіццё Украіны, а таксама гуманітарныя крокі”, – пракаментаваў Умераў.

Раней СМІ са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў пісалі, што першы дзень трохбаковых перамоваў будзе прысвечаны архітэктуры і гарантыям бяспекі, у другі дзень будуць разглядацца тэрытарыяльныя пытанні.