Андрей Демченко, представитель ГПСУ. Фото: facebook.com
Расійскія войскі выкарыстоўваюць на тэрыторыі Беларусі рэтранслятары, якія ўзмацняюць сігнал і дазваляюць кіраваць беспілотнікамі на адлегласці ў сотні кіламетраў ад пункта кіравання. Пра гэта ў эфіры «24 Канала» заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка.
Паводле яго слоў, Беларусь працягвае садзейнічаць расійскім паветраным ударам па Украіне. На яе тэрыторыі размешчана абсталяванне для перадачы і ўзмацнення сігналу. Дэмчанка паведаміў, што дроны тыпу «Шахед» і «Герань», якія ляцяць да заходніх абласцей Украіны і да памежнай зоны з Польшчай, атрымліваюць дадатковае ўзмацненне сігналу менавіта з беларускай тэрыторыі.
Дэмчанка адзначыў, што Беларусь уключае рэтранслятары толькі перыядычна. Таксама значна павялічылася колькасць мабільных рэтранслятараў, якія размяшчаюцца на яе тэрыторыі, заявіў ён.
«Беларусь асцерагаецца, што Украіна зможа цалкам вылічыць, дзе менавіта працуюць рэтранслятары. Нас часта пытаюцца, ці не нарошчвае Беларусь групоўкі ля нашай мяжы. Відаць, яны ўсё ж баяцца вялікіх страт. Таму там, паддаючыся ціску з боку Расіі, выбралі менавіта такі спосаб дапамогі ў выглядзе рэтранслятараў», — адзначыў Дэмчанка.
Паводле слоў прадстаўніка ўкраінскай памежнай службы, Украіна працуе над тым, каб расійскія рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі перасталі функцыянаваць.