Украіна скасавала пагадненне з Беларуссю аб апавяшчэнні пра ядзерную аварыю

Украіна спыніла дзеянне пагаднення з урадам Беларусі аб аператыўным апавяшчэнні пра ядзерную аварыю і супрацоўніцтве ў галіне радыяцыйнай бяспекі. Адпаведную пастанову ўрад Украіны прыняў 17 верасня.

Пагадненне было падпісана 16 кастрычніка 2001 года ў Кіеве. Яно прадугледжвала супрацоўніцтва Украіны і Беларусі ў сферы радыяцыйнай бяспекі і аператыўнае апавяшчэнне пра ядзерныя аварыі.

Згодна з пастановай, Міністэрства замежных спраў Украіны павінна ва ўстаноўленым парадку паведаміць ураду Беларусі пра спыненне дзеяння пагаднення.