Скриншот видео t.me/ukrvsyachyna
На дарогах, якія вядуць у бок Чарнобыля ў Кіеўскай вобласці, з’явіліся сеткі для абароны ад дронаў у сувязі з узмацненнем мер бяспекі на подступах да беларускай мяжы. Гэтыя бар’еры закліканы абараніць транспартныя сродкі і пешаходаў ад FPV-дронаў, піша ўкраінскае выданне Telegraf.
Пры сутыкненні беспілотнік можа заблытацца ў сетцы або здэтанаваць да таго, як дасягне цэлі. Падобныя канструкцыі раней усталёўваліся на дарогах у прыфрантавых раёнах Украіны. Яны выкарыстоўваюцца для абароны ваеннай тэхнікі, грамадзянскага транспарту і пешаходаў, а таксама могуць ускладняць працу разведвальных беспілотнікаў.
Антыдронавыя сеткі нацягваюць паміж высокімі металічнымі слупамі. Гэта частка больш маштабнай падрыхтоўкі да магчымага нападу з поўначы. У пачатку жніўня Der Spiegel паведамляў, што ў Чарнобыльскай зоне абсталявалі кантрольна-прапускныя пункты, капалі траншэі і ямы ў пясчаным грунце, уладкоўваюць і ўмацоўваюць абарончыя галерэі.
Чарнобыльская зона адчужэння размешчана недалёка ад мяжы Украіны з Беларуссю. У лютым 2022 года расійскія войскі ўвайшлі ў гэты раён, занялі тэрыторыю вакол Чарнобыльскай АЭС і выкарыстоўвалі яе падчас наступлення на Кіеў. Праз некалькі тыдняў расійскія падраздзяленні пакінулі поўнач Украіны.
Раней намеснік начальніка ГУР Мінабароны Вадзім Скібіцкі заяўляў, што Расія працягвае спробы ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.
Відэа: t.me/ukrvsyachyna