Фото: European Union, 2022
Еўрасаюз ухваліў пералічэнне Украіне 3 млрд еўра чарговага траншу фінансавай дапамогі. Гэта ўжо восьмы транш у рамках еўрапейскай праграмы.
Адзначаецца, што амаль 800 млн еўра з гэтай сумы будуць упершыню прадастаўленыя з крэдыту на падтрымку Украіны, які раней вырашылі прыцягнуць у ЕС.
«Зацверджаная сёння выплата адлюстроўвае паспяховае выкананне Украінай дзесяці мэтавых этапаў. На сённяшні дзень Украіна выканала 84 з 95 мэтавых этапаў, прадугледжаных Планам, што складае прыблізна 88% ад запланаваных на гэты момант этапаў.
Фінансаванне ў рамках Украінскага фонду заклікана ўмацаваць макрафінансавую стабільнасць Украіны, спрыяць аднаўленню і мадэрнізацыі эканомікі, забяспечыць функцыянаванне дзяржаўнага кіравання і падтрымаць намаганні па правядзенні рэформаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Усяго ў рамках праграмы Украіне з улікам новага траншу будзе выплачана 32 млрд еўра, пачынаючы з сярэдзіны 2024 года.