Сергей Кабарчук. Фото: БелТА
Грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, асуджаныя ў Беларусі на 20 гадоў калоніі па артыкуле аб тэрарызме, абвешчаныя ў вышук ва Украіне. Іх падазраюць у незаконнай вытворчасці і кантрабандзе наркотыкаў, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Як заяўляе крыніца выдання, бацька і сын Кабарчукі, жыхары Старой Выжыўкі Ковельскага раёна Валынскай вобласці, незаконна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу ва Украіне.
Ва Украіне крымінальная справа супраць іх была распачата 27 снежня 2022 года. У гэты дзень Кабарчукоў затрымалі на тэрыторыі Украіны каля вёскі Селязоўка ў Жытомірскай вобласці каля мяжы з Беларуссю. Памежнікі выявілі Кабарчукоў разам з іншымі асобамі каля аўтамабіля, у якім знайшлі дзве сумкі і заплечнік з 68 упакоўкамі наркатычных рэчываў, што пазней пацвердзіла экспертыза. Усяго было выяўлена 44,6 кг наркотыкаў у пераліку на сухое рэчыва, якія затрыманыя нібыта спрабавалі пераправіць у Беларусь.
У лютым 2023 года ўкраінскія следчыя выявілі іншых падазраваных, а таксама сувязі паміж імі і маршрут перамяшчэння ў памежжы.
У жніўні 2023 года суд прызнаў абгрунтаванымі прадстаўленыя абвінавачанні і пачаў разгляд справы па сутнасці. Падазраваныя прызналі віну часткова. Верагодна, Кабарчукі знаходзіліся пад вартай да лістапада 2024 года, але затым іх вызвалілі пад заклад. Пасля гэтага ім удалося пакінуць Украіну.
Судовае пасяджэнне па іх справе павінна было адбыцца 21 лютага 2024 года. Паколькі Кабарчукі не з’явіліся на працэс, суд ухваліў рашэнне аб іх прымусовым прыводзе.
У Беларусі бацьку і сына Кабарчукоў затрымалі 15 лютага 2024 года ў Лельчыцкім раёне. Беларускія ўлады абвясцілі пра «контртэрарыстычную аперацыю», у выніку якой нібыта затрымалі дыверсантаў, якія пераходзілі мяжу па балотах пры дапамозе дронаў і перакідвалі выбухоўку. Акрамя ўкраінцаў быў таксама затрыманы беларус Віталь Уласюк.
У кастрычніку 2024 года Кабарчукоў прыгаварылі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу 700 базавых кожнаму. Іх абвінавачвалі па артыкулах аб тэрарызме, незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, агентурнай дзейнасці, незаконным перамяшчэнні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў праз мяжу.
У СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Ён адбывае тэрмін у шклоўскай калоніі №17. Яго сын Павел адбывае тэрмін у магілёўскай турме №4.
Беларускія праваабаронцы прызналі Кабарчукоў палітвязнямі.