Уіткаф сустрэнецца з Зяленскім і паляціць у Маскву – Axios

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф адправіцца ў Осла, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі. Пра гэта паведамляе Axios са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.

Паводле іх інфармацыі, пасля перамоў у Осла Уіткаф збіраецца паляцець у Маскву для сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Ён павінен прадставіць яму прапановы, выпрацаваныя ў Осла.

Чакаецца, што ў сталіцы Нарвегіі ў перамовах з пасланнікам Трампа будуць браць удзел прэм’ер-міністр краіны Ёнас Гар Стэрэ, прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Польшчы, Еўрасаюза і НАТА. Разам яны паспрабуюць выпрацаваць новую мірную прапанову.

Зяць Трампа Джарэд Кушнер захварэў і будзе ўдзельнічаць у сустрэчах па відэасувязі.

Паводле інфармацыі выдання, абмеркаванні будуць ісці па двух напрамках. Першы ўключае забеспячэнне гарантый бяспекі для Украіны, яе еўрапейскую інтэграцыю, пасляваенную эканамічную дапамогу. Другі датычыцца стварэння ўмоў для трывалага міру, уключаючы стварэнне новай і ўстойлівай архітэктуры бяспекі ў Еўропе.

Яшчэ адной мэтай місіі Уіткафа ў Расіі стане вызваленне амерыканскага грамадзяніна Стывена Хабарда.