Дональд Трамп. Скриншот видео
Прадстаўнікі прэзідэнта ЗША Стывен Уіткаф і Джарэд Кушнер адпраўляюцца ў Маскву і Кіеў з прапановай аб завяршэнні вайны, заявіў сёння на прэс-канферэнцыі Дональд Трамп.
Журналісты пацікавіліся, ці накіроўваюцца Уіткаф і Кушнер у Расію і Украіну з новай прапановай.
«Яны вязуць з сабой прапанову скончыць вайну», — заявіў Трамп.
Нагадаем, чакаецца, што Кушнер і Уіткаф спачатку накіруюцца ў Маскву, а ў нядзелю прыбудзе ў Кіеў.
Трамп таксама заявіў, што Пуцін не збіраецца нападаць на тэрыторыю НАТА.
«Я не думаю, што Пуцін будзе… Я размаўляю з ім, я вельмі добра яго ведаю. Пуцін не збіраецца нападаць на тэрыторыю НАТА», — сказаў ён, адказваючы на пытанне, ці з’яўляецца спроба дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыга нападам Расіі на НАТА.
Трамп таксама заявіў, што ў ЗША ёсць ідэя, як завяршыць вайну, і падкрэсліў, што, на яго думку, яна працягваецца з-за асабістага канфлікту Пуціна і Зяленскага.
«У нас ёсць ідэя, як дамагчыся міру. Глядзіце, я спыніў восем войнаў. Большасць з іх, на маю думку, былі больш складанымі, чым вайна паміж Расіяй і Украінай. Праблема з Расіяй і Украінай — у асабістым канфлікце. Прэзідэнт Зяленскі і прэзідэнт Пуцін па-сапраўднаму ненавідзяць адзін аднаго, сур’ёзна ненавідзяць», — лічыць Трамп
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што на час іх візіту дзеля бяспекі паездкі Украіна не будзе наносіць паветраныя ўдары па Расіі і чакае люстраных дзеянняў ад Расіі.