Уіткаф дапусціў удзел Еўропы ў наступным раўндзе перамоваў

Еўрапейскія прадстаўнікі могуць далучыцца да наступнага раўнда перамоваў па заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны. Пра гэта заявіў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве, піша CNN.

«Яны — нашы партнёры, і важна, каб яны бралі ў гэтым удзел», — сказаў ён журналістам перад вылетам з маскоўскага аэрапорта Унукава.

Ён заявіў, што падчас перамоваў удалося дасягнуць прагрэсу.

«Я думаю, што прагрэс быў дасягнуты. Думаю, гэта адбылося сёння раніцай, — сказаў Уіткаф. – Ніхто не думаў, што мы адновім трохбаковыя перамовы. Але мы іх аднавілі. Мы да таго ж прызначылі новую сустрэчу. Гэта тое, чаго хацеў прэзідэнт Трамп».

У перамовах з Пуціным таксама ўдзельнічаў зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер. Паводле яго слоў, шматбаковыя перамовы запланаваныя на наступны тыдзень.

«Я думаю, што мы ў дэталях абмеркавалі ўсе тэмы, і я думаю, што гэта паўплывае на шматбаковыя перамовы на наступным тыдні, а таксама на размову, якая ў нас адбудзецца з прэзідэнтам Зяленскім. Мы вельмі прадуктыўна правялі час, і наша паездка працягваецца», — сказаў ён.

Сустрэча адбылася пасля двухдзённых трохбаковых перамоваў прадстаўнікоў Украіны, Расіі і ЗША ў Абу-Дабі.

Цяпер чакаецца, што амерыканскія пасланнікі адправяцца ў Дублін (Ірландыя), дзе сустрэнуцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і праінфармуюць яго аб выніках сустрэчы ў Маскве.