Амерыканскія чыноўнікі ахарактарызавалі сустрэчу прэзідэнтаў ЗША і Расіі Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна як “нефармальную”. Пра гэта піша RFE/RL.
Яна адбылася ў Кілін Віле, урадавым прыёмным комплексе ў Шэньчжэне, у асобным памяшканні канферэнц-цэнтра, дзе праходзілі пленарныя пасяджэнні саміту АЦЭС.
Сустрэча была незапланаванай. RFE/RL таксама піша, што яна “не перарасла ў афіцыйную двухбаковую сустрэчу”.
Памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў назваў сустрэчу добрай. На ёй абмяркоўвалася расійска-ўкраінская вайна і двухбаковыя адносіны. Аднак, паводле яго слоў, асабліва важных заяў зроблена не было.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля размовы з Пуціным адправіўся на сустрэчу са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Ён назваў гутарку з расійскім прэзідэнтам падрыхтоўкай да трохбаковага фармату з удзелам Кітая.
“Мы таксама імкнёмся садзейнічаць урэгуляванню канфлікту паміж Расіяй і Украінай — я вельмі хачу, каб ён скончыўся, і, упэўнены, старшыня Сі падзяляе гэта імкненне. Штомесяц гіне 25 тысяч чалавек, у асноўным вайскоўцаў. Дарэчы, неўзабаве сюды прыбудзе прэзідэнт Пуцін.
Такім чынам, у нас адбудзецца сустрэча ўтрох — трохбаковая сустрэча, як яе называюць. Я з нецярпеннем чакаю гэтай падзеі. Мы толькі што правялі невялікую гутарку з прэзідэнтам Пуціным, каб падрыхтаваць глебу. Думаю, наша сустрэча можа прайсці паспяхова”, – сказаў ён.