У Вільні адкрыюць памятную шыльду на магіле дырэктара Навагрудскай беларускай гімназіі

У суботу, 21 лістапада, на Свята-Ефрасіннеўскіх (Ліпаўскіх) могілках у Вільні адкрыюць і асвецяць памятную шыльду на магіле Яна Цеханоўскага, аднаго з арганізатараў і дырэктара Навагрудскай беларускай гімназіі. Пра гэта паведаміла Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве, якая аплаціла выраб шыльды.

Цеханоўскі ўзначаліў гімназію ў 1921 годзе. Паводле асацыяцыі, яго абралі дырэктарам бацькі вучняў. Ён выкладаў беларускую літаратуру і французскую мову. Сярод выкладчыкаў гімназіі, аднаго з цэнтраў беларускай адукацыі і культуры ў міжваеннай Заходняй Беларусі, быў мастак Язэп Драздовіч.

Яшчэ ў 1938 годзе Беларускае навуковае таварыства ў Вільні паведаміла пра рашэнне паставіць помнік на магіле Цеханоўскага. Для збору сродкаў стварылі спецыяльны камітэт, гаворыцца ў некралогу педагога, апублікаваным у «Запісах Беларускага навуковага таварыства» за той год.

У Вільні беларускія пахаванні шукаюць і даглядаюць валанцёры. У гэтай працы ўдзельнічае і беларуская праваслаўная супольнасць Канстанцінопальскага патрыярхату.

Цырымонія пачнецца а 12:00 паводле мясцовага часу. Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных сабрацца а 11:50 каля ўвахода на могілкі. Магіла Яна Цеханоўскага на мапе.