У Варшаве, Вільнюсе і Познані адкрыюць бясплатныя кансультацыйныя пункты для беларусаў

У Варшаве, Вільнюсе і Познані плануюць адкрыць бясплатныя інфармацыйна-кансультацыйныя пункты для беларусаў, якія жывуць за мяжой. Першыя з іх павінны пачаць працу да сярэдзіны снежня, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.

Ініцыятыву рэалізуе прадстаўніцтва АПК па сацыяльнай палітыцы. Мэтай называецца прадастаўленне беларусам бясплатных вочных кансультацый і базавай практычнай дапамогі.

У кансультацыйныя пункты можна будзе звяртацца па пытаннях легалізацыі і афармлення дакументаў, сацыяльнай падтрымкі, медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, працаўладкавання, жылля і інтэграцыі ў новай краіне.

Кансультанты будуць дапамагаць знаходзіць неабходную інфармацыю і запаўняць анкеты. Калі пытанне запатрабуе спецыялізаванай дапамогі, наведвальнікаў накіруюць у профільныя арганізацыі або да адпаведных спецыялістаў.

Усе паслугі будуць бясплатнымі. Мяркуецца, што ў большасці выпадкаў атрымаць кансультацыю можна будзе без папярэдняга запісу.

Перад адкрыццём пунктаў прадстаўніцтва АПК праводзіць ананімнае апытанне, каб вызначыць найбольш запатрабаваныя паслугі і зручны графік працы. На падставе вынікаў плануецца скарэктаваць фармат працы кансультацыйных пунктаў.

Прыняць удзел у апытанні можна, запоўніўшы анкету па спасылцы.