Кіраўнік «Дома творцаў» Сяржук Доўгушаў. Фота: сацсеткі
Выстава «Прысутнасць памяці», на якой паказалі творы ўдзельнікаў дзвюх мастацкіх рэзідэнцый у «Доме творцаў», працуе ў варшаўскай інстытуцыі культуры Prześwit. На жаль, выстава вельмі непрацяглая – запланавана ўсяго некалькі дзён паказу: з вечара 27 па вечар 29 верасня.
«Дом творцаў» – арганізацыя, якая дапамагае рэпрэсаваным беларусам – была заснавана ў снежні 2021 года ў Варшаве з мэтай падтрымкі, рэабілітацыі і творчай рэалізацыі беларускіх мастакоў.
Акрамя мастацкіх тут ладзілі музычныя, тэатральныя і нават фальклорную рэзідэнцыі. У большасці выпадкаў рэзідэнцыі заканчваюцца выставай, тэатральнай пастаноўкай, канцэртам ці музычным творам.
Летнія рэзідэнцыі для беларускіх мастакоў і мастачак «Дом творцаў» пачаў ладзіць у Варшаве з 2022 года. Сёлета мастацкім кіраўніком і куратарам рэзідэнцыі стаў Андрэй Духоўнікаў, які на конкурснай аснове адабраў 11 беларускіх мастакоў, чые працы ў выніку патрапілі на выставу «Прысутнасць памяці». Таксама былі прадстаўлены творы папярэдняй рэзідэнцыі «Рэгістры памяці».
Гэтыя аўтары рознага ўзроўню і досведу – ад пачаткоўцаў да прызнаных майстроў. На выставе дэманструюць працы Наталлі Бордак, Сяргея Грыневіча, Алеся Папковіча, Серафіма і іншых творцаў. На жаль, не ўсе ўдзельнікі выставы маглі падпісаць уласнае прозвішча пад сваімі работамі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram