Фото: tsikhanouskaya.org
У Варшаве 26 лістапада адбылося адкрыццё Офіса Святланы Ціханоўскай. На цырымоніі адкрыцця прысутнічаў мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, які разам з Ціханоўскай перарэзаў чырвоную стужку ў новай лакацыі.
Адзначаецца, што разам з Офісам з’явіцца і новая грамадская прастора, дзе беларускія арганізацыі, ініцыятывы і самі беларусы змогуць праводзіць свае мерапрыемствы, сустракацца і рэалізоўваць сумесныя праекты.
У сваім выступленні Ціханоўская прывітала дыпламатаў, прадстаўнікоў польскага ўрада, МЗС, Сейма, Сената і канцылярыі прэзідэнта Польшчы, былых паслоў у Беларусі, дзеячаў «Салідарнасці», журналістаў, экспертаў і міжнародных партнёраў беларускіх дэмсіл.
«Сёння мы адкрываем не проста прастору, не проста офіс, а цэнтр беларускага дэмакратычнага руху і нашага ўрада ў выгнанні», — заявіла палітык.
Яна падзякавала Міністэрству замежных спраў Польшчы і мэру Варшавы за падтрымку ў адкрыцці офіса, адзначыўшы сімвалічнае значэнне прадастаўленага памяшкання. Палітык адзначыла, што калісьці тут выступаў польскі бард Яцэк Качмарскі, песня якога «Mury» пасля стала адным з сімвалаў беларускіх пратэстаў 2020 года.
Ціханоўская падкрэсліла, што за апошнія 6 гадоў беларускія дэмакратычныя сілы стварылі ўласныя інстытуты, і заклікала працягваць працу па іх умацаванні.
«Польскі прыклад сапраўды натхняе нас. Калі змаглі вы, зможам і мы. Бо ніводная дыктатура не доўжыцца вечна. Дыктатура Лукашэнкі таксама падзе. І мы павінны быць да гэтага гатовыя», — сказала яна.
Сярод задач Офіса палітык назвала ўмацаванне дэмакратычных інстытутаў, падрыхтоўку рэформаў, навучанне будучых лідараў, працу з міжнароднымі партнёрамі і аказанне падтрымкі беларусам па абодва бакі мяжы. Яшчэ адным з напрамкаў працы стане ўмацаванне беларускай супольнасці ў Польшчы.
Ціханоўская адзначыла, што тысячы беларусаў знайшлі ў краіне бяспечны прытулак, стварылі тэатры, запусцілі медыя і адкрылі бізнесы. Паводле прыведзеных ёю звестак, толькі ў 2024 годзе польскія кампаніі з беларускімі каранямі згенеравалі амаль 20 млрд злотых даходу.
“Гэта паказвае, што беларусы не проста просяць аб дапамозе. Мы таксама робім унёсак у развіццё Польшчы і Еўрапейскага саюза”, — падкрэсліла яна.
Ціханоўская таксама заклікала захоўваць адзінства дэмакратычных сіл, працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць беларускае грамадства. Яна адзначыла, што ўмацаванне Украіны і аслабленне Расіі могуць адкрыць акно магчымасцяў для дэмакратычных перамен у Беларусі.