Фото: Reform.by
Белстат у жніўні зафіксаваў месячную дэфляцыю. Індэкс спажывецкіх цэн знізіўся на 0,1%. Разам з тым гадавая інфляцыя паскорылася да 4,5%. Паглядзелі, што мацней за ўсё даражэла і таннела ў жніўні.
Мацней за ўсё ў жніўні падаражэлі авакада – на 17,01%. Цэны на маторнае масла выраслі на 13,41%, паслугі паветранага транспарту падаражэлі на 6,41%, жывыя кветкі – на 4,98%, а запчасткі для транспартных сродкаў – на 4,8%.
Найбольшае зніжэнне цэн у жніўні адзначалася на сезонную сельгаспрадукцыю. Морква патаннела за месяц на 36,78%, бульба – на 36,22%, буракі – на 32,97%, белакачанная капуста – на 28,8%, свежыя памідоры – на 22,66%. Пладова-агароднінная прадукцыя ў цэлым патаннела на 9,63%.
У параўнанні са снежнем мінулага года мацней за ўсё ў жніўні падаражэла цыбуля – на 35,51%. Запалкі выраслі ў цане на 27,81%, білеты на праезд у рэгіянальных зносінах эканомкласа – на 26,79%, флэшкі і карты памяці – на 26,25%, прыгарадныя перавозкі ў аўтобусах – на 25,86%.
Найбольшае зніжэнне цэн у параўнанні са снежнем мінулага года назіралася ў жніўні на агуркі – на 66,52%. Памідоры каштавалі на 43,02% менш, чым у снежні, яблыкі – на 28,31%, бананы – на 22,52%.