Скриншот видео t.me/exilenova_plus
Самарская вобласць у ноч на 12 верасня апынулася пад атакай беспілотнікаў. Губернатар рэгіёна Вячаслаў Фядорышчаў паведаміў, што наступствы ўдакладняюцца, і заклікаў жыхароў выконваць меры бяспекі.
Пра масіраваную беспілотную атаку сёння раніцай паведаміў кіраўнік Тальяці Ілья Сухіх.
“Паводле папярэдніх даных, у выніку атакі УСУ загінулых няма, шпіталізаваны адзін чалавек, аказваецца ўся неабходная дапамога. Пашкоджана шкленне некалькіх шматкватэрных дамоў у адным з раёнаў горада. Жыхары эвакуіраваны, для іх разгорнуты пункт часовага размяшчэння”, – напісаў ён.
Расійскае Мінабароны заявіла пра перахоп і знішчэнне за ноч 230 беспілотнікаў самалётнага тыпу. Адным з рэгіёнаў, над якімі былі збіты дроны, стала Самарская вобласць. Сярод іншых рэгіёнаў – Астраханская, Белгародская, Бранская, Валгаградская, Варонежская, Курская, Ліпецкая, Арлоўская, Пензенская, Растоўская, Саратаўская вобласці, анексаваны Крым і акваторыі Азоўскага і Чорнага мораў.
Паводле даных Astra, у Тальяці пасля атакі загарэлася тэрыторыя нафтахімічнага прадпрыемства «КуйбышевАзот». OSINT-эксперты прааналізавалі відэа і прыйшлі да высновы, што пажар, верагодна, адбыўся ў раёне прадпрыемства. Раней мясцовыя жыхары паведамлялі пра выбухі і працу СПА.
«КуйбышевАзот» вырабляе капралактам, поліамід-6, тэхнічную нітку, шынны корд, аміяк і азотныя ўгнаенні. Паводле даных украінскага рэсурсу Exilenova+, прадпрыемства мае значэнне для расійскага ваенна-прамысловага комплексу, у прыватнасці дзякуючы вытворчасці матэрыялаў для прамысловасці.
Акрамя таго, СМІ паведамляюць пра атаку на Таганрог Растоўскай вобласці. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра выбухі і густы дым. Згодна з аналізам Astra, крыніца дыму, верагодна, знаходзілася ў раёне ваеннага аэрадрома «Таганрог-Цэнтральны», размешчанага ў межах горада.
На аэрадроме базуецца 708-мы ваенна-транспартны авіяцыйны полк. Побач знаходзіцца 325-ы авіярамонтны завод, які займаецца рамонтам транспартных самалётаў і камплектуючых.
Таксама паведамляецца пра пажар на тэрыторыі Таганрогскага аўтамабільнага завода (ТАГАЗ). Паводле даных Exilenova+, на яго тэрыторыі загарэўся рэзервуар. Прадпрыемства выкарыстоўваецца для вытворчасці беспілотнікаў для расійскай арміі.
Генеральны штаб УСУ таксама паведаміў пра знішчэнне расійскага самалёта, аднак пакуль невядома, ці звязана гэта з атакай на Таганрог.
Тальяці:
Таганрог: