У Страсбургу можа з’явіцца прадстаўніцтва беларускіх дэмсіл

Віцэ-мэр Страсбурга па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Эрвэ Морыц прапанаваў разгледзець магчымасць адкрыцця прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл у горадзе. Ініцыятыва прагучала на сустрэчы з намеснікам кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Паўлам Латушкам.

Бакі абмеркавалі падтрымку беларускіх культурных і інфармацыйных праектаў.

Прапанова аб адкрыцці прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі прагучала з улікам таго, што ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы працуюць афіцыйныя дэлегацыі Каардынацыйнай рады Беларусі, адзначылі ў АПК.

Латушка таксама папрасіў мэрыю Страсбурга дапамагчы арганізаваць выставу і паказ фільма пра маштабныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку пераслед дзеячаў культуры. Морыц пацвердзіў гатоўнасць мэрыі падтрымаць гэтыя мерапрыемствы падчас вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў 2027 годзе, калі плануецца разгледзець даклад «Культура як аснова дэмакратызацыі Беларусі».

Акрамя таго, віцэ-мэр прапанаваў правесці ў прэс-клубе Страсбурга мерапрыемства з удзелам незалежных беларускіх СМІ. Яно будзе прысвечана сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі і пераследу незалежных журналістаў.

Морыц заявіў, што Страсбург працягне падтрымліваць праекты, накіраваныя на інфармаванне аб парушэннях правоў і свабод чалавека ў Беларусі.