У Смаргонскім раёне аднавілі гістарычную капліцу XIX стагоддзя: новы выгляд помніка абсалютна не супадае з аўтэнтычным

У вёсцы Расла Жодзішкаўскага сельсавета скончылі аднаўляць гістарычную капліцу XIX стагоддзя, якую ў 2025 годзе збіла машына. Паводле тэлеграм-канала «Спадчына», новае аблічча капліцы абсалютна не супадае з аўтэнтычным.

Новая і аўтэнтычная (справа) капліца. Фота: Telegram-канал “Спадчына”

Цокальная частка вырасла ці не ўдвая. З цела тынкаваных сценак вылазяць асобныя цёмныя валуны — не ясна, на чым такі прыём грунтуецца, – пішуць у тэлеграм-канале.

Асноўны аб’ём наадварот стаў больш прысадзісты: калі раней яго фасады ўяўлялі сабой выцягнутыя па вертыкалі прамавугольнікі, то цяпер гэтыя прамавугольнікі сталі выцягнутымі па гарызанталі. Карніз абсалютна ўбогі. Будаўнікі нават не зразумелі, што з трох абломаў, якія складалі карніз, сярэдні не быў звычайна прыступкай, а меў абрысы чацвярнога валіка. Над карнізам вырас «лабок», якога раней не было. Аўтэнтычны крыжык знік, яго замяніў новы, больш маштабны.

Не супадаюць і вокны-нішы. Раней яны былі рознага памеру, з боку дарогі — не высокае, цяпер жа ўсе сталі аднолькавыя. Завяршэнне праёмаў было лучковае, цяпер праёмы чыста прамавугольныя, але аконныя запаўненні з лучковым завяршэннем.

Пляцоўку вакол залілі бетонам — абсалютна чужародным для гэтага помніка традыцыйнай архітэктуры матэрыялам.

«Нуль з дзесяці супадзенняў з арыгіналам, які меў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вось такое «аднаўленне». Цікава, хто быў навуковым кіраўніком», — падсумоўвае аўтар допісу.

Капліца пасля аварыі. Скрын відэа

Прыдарожную капліцу ў вёсцы Расла разбурыў нецвярозы кіроўца ў кастрычніку 2025. Пасля праверкі Смаргонскага РАУС мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Капліца мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўваходзіць у пералік помнікаў архітэктуры «Каталіцкія капліцы XIX — першай паловы XX стагоддзя».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram