У СК пацвердзілі смерць мужчыны ў прыватным медцэнтры ў Мінску

У прыватным медыцынскім цэнтры на праспекце Незалежнасці ў Мінску памёр 58-гадовы мужчына, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паведамленне пра смерць мінчука паступіла 21 лістапада каля 17:00. Устаноўлена, што мужчына на працягу некалькіх гадоў пакутаваў на анкалагічнае захворванне і наведваў медыцынскі цэнтр для абследавання. Падчас прыёму яго стан рэзка пагоршыўся. Медыкі правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць пацыента не ўдалося.

На месцы працавала следча-аператыўная група. Следчы сумесна са спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правёў агляд. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.

Праверку праводзіць Савецкі раённы аддзел Следчага камітэта Мінска.

У СК не ўдакладнілі назву медыцынскага цэнтра, у якім памёр мужчына, аднак увечары 21 лістапада відавочцы паведамілі ў Threads пра машыны экстранных службаў каля медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» на праспекце Незалежнасці. Паводле іх слоў, каля 18:00 ля будынка знаходзіліся хуткая дапамога, міліцыя і аўтамабіль Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Адзін з відавочцаў сцвярджаў, што пазней да будынка пад’ехала машына для перавозкі цел. Пры гэтым наведвальніца медцэнтра паведамляла, што ўстанова працягвала працаваць у штатным рэжыме.