У РТБД пройдзе тыдзень сучаснай беларускай драматургіі

Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі «Канцэнтрацыя» пройдзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з 31 жніўня па 5 верасня.

Праект створаны сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі. Гледачам прапануюць спектаклі паводле твораў беларускіх аўтараў, чытанні п’ес і лекцыі.

Сярод спектакляў: «Вечар» паводле п’есы Аляксея Дударава (лірычная гісторыя аб старых, разважанні аб роднай зямлі, любові і пераемнасці пакаленняў); эксперыментальны праект тэатра – камедыя пра касмапалітызм «Май Хомлэнд» (спектакль пра радзіму і сваё месца) і нядаўняя прэм’ера тэатра — спектакль «Хам» паводле аповесці Элізы Ажэшка – гісторыя пра жыццё сялян Нёманскага краю, спектакль, які пераносіць літаратурных герояў у прастору па-за часам, акцэнтуючы ўвагу не на гістарычных ці сацыяльных падзеях, а на чалавечых узаемаадносінах і перажываннях.

Акрамя пастановак пройдуць сцэнічныя чытанні.

Са сцэны прагучаць «Ма-Сін-Сін» (гісторыя пра падлеткаў, у якой праз расказ аб юнацкай штодзённасці ўзнімаюцца складаныя экзістэнцыяльныя пытанні), «Чаму гэта важна» Юліі Млевы (драматычная гісторыя, у якой жанчыны спрабуюць пераадолець адзіноту) і «Самсон за дзвярыма» Аляксандра Савухі (абсурдысцкі тэкст пра лася, які пачаў размаўляць).

Апошнія дзве п’есы напісаныя падчас XIV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі.

Важна адзначыць, што чытанні адбываюцца на беларускай мове, нават калі арыгінальны тэкст быў напісана па-руску.

Пасля чытанняў гледачоў чакаюць публічныя абмеркаванні, на якіх можна будзе падыскутаваць з аўтарамі і акцёрамі.

Дырэктарка тэатра Святлана Навуменка мяркуе, што на падобных чытках у РТБД маладыя беларускія драматургі могуць атрымаць экспертную ацэнку сваіх п’ес, а таксама знайсці свайго гледача.

Набыць квіткі і зарэгістравацца можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!