У Расіі засакрэцілі інфармацыю пра паліўна-энергетычны комплекс

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, якім засакрэчваецца інфармацыя пра паліўна-энергетычны комплекс.

У дакуменце гаворыцца, што меры ўводзяцца ў адказ на «недружалюбныя дзеянні ЗША, якія супярэчаць міжнароднаму праву», і «замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, якія далучыліся да іх».

Канфідэнцыйнай прызнаецца інфармацыя пра экспарт расійскай юрыдычнай асобай, уключаючы інфармацыю пра аб’ёмы і найменні тавару, цэны, даныя пра пастаўшчыкоў і пакупнікоў, маршруты дастаўкі і ўмовы кантрактаў, перавалачныя пункты і тэрміны пастаўкі. Абмежаваны доступ да агрэгаванай інфармацыі мытнай статыстыкі пра экспарт тавараў юрыдычнай асобай, аб’ёмы перапрацоўкі расійскімі НПЗ, а таксама пра запланаваныя і заключаныя кампаніямі кантракты на продаж бензіну і дызельнага паліва на біржы.

Распаўсюджванне інфармацыі, уключанай у пералік, у тым ліку ў СМІ і праз інтэрнэт, дазваляецца толькі ў выпадку раскрыцця юрыдычнай асобай інфармацыі пра сваю дзейнасць.

Ураду даручана за дзесяць дзён вызначыць пералік тавараў, у дачыненні да якіх прымяняюцца палажэнні ўказа.