У Пружанскім раёне незаконна гандлявалі пяском

МУС паведаміла пра спыненне незаконнага гандлю пяском у Пружанскім раёне. Распачата крымінальная справа па артыкулах за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Паводле версіі міліцыі, заснавальнік і дырэктар фірмы арандавалі ў Пружанскім раёне ўчастак. Яны нібыта займаліся дэмантажом збудаванняў, якія знаходзіліся на ім і засталіся ад прадпрыемства.

“Насамрэч яны незаконна здабывалі пясок. Для далейшай яго рэалізацыі заключалі дагаворы пастаўкі з рознымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі”, – заявілі ў МУС.

Схема працавала некалькі гадоў. За гэты час падазраваныя рэалізавалі больш за 55 тыс. тон пяску. Шкода перавысіла 4,5 млн рублёў.