Фото: t.me/tsikhanouskaya
З 13 па 18 верасня ў Празе прайшла III Акадэмія жаночага палітычнага лідарства. Яна была арганізаваная Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай пры падтрымцы чэшскага прадстаўніцтва фонду Rosa Luxemburg Stiftung.
У праграме прынялі ўдзел 11 беларусак з Польшчы, Літвы і Германіі. Праграма ўключала заняткі па паліталогіі, канфлікталогіі і пабудове супольнасцяў, а таксама практычныя трэнінгі па адвакатаванні, публічных выступленнях, асабістым брэндзе і пратаколе.
Удзельніцы сустрэліся з замежнымі дыпламаткамі і чэшскімі палітыкамі, у тым ліку з былой віцэ-прэзідэнткай Еўракамісіі Верай Ёўравай і былой кандыдаткай у прэзідэнты Славакіі Магдай Вашарыявай. Таксама яны наведалі МЗС Чэхіі, пасольства Германіі, Амерыканскі цэнтр у Празе і штаб-кватэру «Радыё Свабода».
«Акадэмія таксама дала ўдзельніцам рэальныя інструменты для далейшай працы: разуменне палітычных працэсаў, навыкі працы з медыя і фарміравання асабістага брэнда. Сустрэчы з еўрапейскімі і чэшскімі палітыкамі і дыпламатычным корпусам далі ўдзельніцам прамыя кантакты, якія могуць стаць асновай для будучага міжнароднага супрацоўніцтва», заявілі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.
Акадэмія прызначаная для жанчын з палітычным досведам, якія хочуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскіх працэсах і прадстаўляць беларускую дэмакратычную супольнасць на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Сёлета конкурс склаў пяць чалавек на адно месца.