Фото: x.com/podlaskaPolicja
Польскія службы выявілі ў Падляскім ваяводстве, якое мяжуе з Беларуссю, 4 метэазонды з прымацаванымі да іх грузамі кантрабандных цыгарэт без польскіх акцызных марак. Як піша Wirtualna Polska, усяго паліцыя канфіскавала больш за 30 тысяч пачкаў цыгарэт.
Першы шар знайшлі раніцай у Ясьвілах. Ён прызямліўся на даху будынка адміністрацыі гміны, а ў прымацаваным да яго грузе знаходзілася каля 15 тысяч пачкаў цыгарэт. Неўзабаве былі выяўлены яшчэ тры метэазонды. Адзін з іх заблытаўся ў лініі электраперадачы ў Зыгмунтах, другі ўпаў на поле ў Яблонцы-Касцельнай, а чацвёрты каля 11:00 знайшлі ў Тайне-Пад’езёрным.
Паводле слоў прэс-сакратара падляскай паліцыі Томаша Крупы, выяўленыя шары адносяцца да найбольш буйных аб’ектаў такога тыпу, якія раней траплялі на тэрыторыю Польшчы. Некаторыя з іх складаліся з некалькіх абалонак.
Месцы выяўлення ачапілі супрацоўнікі паліцыі. На іх таксама працавалі піратэхнікі, каб праверыць грузы на наяўнасць небяспечных матэрыялаў.