У Польшчы пачынаюцца вучэнні “Кааліцыі ахвочых”

У Польшчы пачынаюцца вучэнні COALITION 26.2. Яны пройдуць з 9 па 22 лістапада. Манеўры праводзяцца “Кааліцыяй ахвочых”, таксама вядомай як Шматнацыянальныя сілы — Украіна.

Як патлумачылі ў польскім Мінабароны, мэта вучэнняў – прадэманстраваць здольнасць еўрапейскіх краін ствараць сілы ў падтрымку Украіны і ўмацоўваць еўрапейскую бяспеку ў выпадку спынення агню або заключэння мірнага пагаднення.

“Вучэнні закліканы падрыхтаваць глебу для забеспячэння трывалага міру, і іх асноўная частка праходзіць на тэрыторыі Польшчы. У вучэннях бяруць удзел сухапутныя, ваенна-паветраныя і ваенна-марскія сілы, а таксама элементы касмічных сіл Францыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Эстоніі, Іспаніі, Нідэрландаў, Літвы, Германіі, Швецыі, Турцыі і Польшчы”, – гаворыцца ў каментарыі.

Польшча выступае ў якасці прымаючага боку, а таксама вядучай дзяржавы, якая забяспечвае лагістыку кааліцыі.

“Сутнасць вучэнняў заключаецца ў праверцы працэсу прыёму, размяшчэння і далейшага перамяшчэння. Падраздзяленні з краін-удзельніц кааліцыі прыбываюць у Польшчу марскім, наземным і паветраным транспартам. Пасля прыёму і размяшчэння яны дабіраюцца па чыгунцы і аўтамабільным транспартам да Нова-Дэмбы, дзе праходзяць інтэграцыю і сумесную падрыхтоўку”, – дадалі ў міністэрстве.

Да манеўраў будуць прыцягнуты каля 2800 вайскоўцаў з 11 краін. З польскага боку будуць дадаткова прыцягнуты каля 2000 салдат, якія будуць забяспечваць лагістыку ўдзельнікаў вучэнняў.