У Пінску на былую лекарку завялі крымінальную справу за перадачу інфармацыі «экстрэмісцкаму фарміраванню»

У Пінску ў дачыненні да 48-гадовай былой супрацоўніцы ўстановы аховы здароўя распачалі крымінальную справу за перадачу інфармацыі ў чат-бот Telegram-канала, прызнанага беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Жанчыне пагражае ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Як сцвярджаюць у пракуратуры Брэсцкай вобласці, у кастрычніку 2026 года жанчына, якая раней працавала лекаркай, пасля звальнення перадавала ў чат-бот інфармацыю пра дзейнасць медустановы. Гэтыя дзеянні кваліфікавалі як садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 арт. 361-4 КК.

Справа перададзеная ў Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта для папярэдняга расследавання.

Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.