У парламенце М’янмы запыталі згоду на атрыманне экспартных крэдытаў ад Беларусі

У парламенце М’янмы на пасяджэнні 6 кастрычніка запыталі згоду на атрыманне экспартных крэдытаў ад Банка развіцця Беларусі і «Белінвестбанка», паведамляе м’янманскае выданне BETV Business.

За кошт экспартных крэдытаў плануецца набываць тавары беларускай вытворчасці, сучаснае машыннае і тэхнічнае абсталяванне, тэхналогіі і паслугі.

Згодна з умовамі атрымання экспартнага крэдыту, крэдыт выдаецца на тэрмін ад 1 года да 5 гадоў, максімальны льготны перыяд складае адзін год.

Крэдыты даступныя ў пяці валютах: беларускія рублі, расійскія рублі, кітайскія юані, долары ЗША і еўра. Працэнтная стаўка ўстанаўліваецца ў залежнасці ад валюты крэдыту і групы тавараў, якія экспартуюцца. Калі разлічыць яе зыходзячы з працэнтных ставак за верасень 2026 года для адпаведных валют, яна складае ад мінімальных 2,25% да максімальных 9,33%. Акрамя працэнтаў, пазычальнікам неабходна будзе выплачваць страхавую прэмію, памер якой залежыць ад тэрміну крэдытавання.

Нагадаем, міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і М’янмай аб прадастаўленні экспартных крэдытаў было падпісана ў лістападзе 2025 года. У маі 2026 года яно было зацверджана ўрадам Беларусі.